LEIBONIK
TAM
Да сустрэчы на стрымінгах, да сустрэчы на жывых канцэртах!
TAM
01 Emigrant Song
02 Hastroli
03 Slimak
04 Hramadzianin
05 Naviny
06 Cicha nič
07 Satyāgraha - feat Recha
08 Genatsvale
09 Oj zakuj
10 Biełarusami
01 Emigrant Song
На "Роспачы ладдзю" схадзіў бы зноў ў Тэатр лялек,
Але адчаліў твой цітанік. Скажы, Віталік?
На лецішча бацькам прывезла бы свайго ты краша,
Але жывеш ля акіяна. Скажы, Наташа?
Ты шмат вандруеш па свету, скажы, Дзёня,
Але ўсё меней 375 у тэлефоне.
Хацеў бы аксамітнага і караоке ў графах,
Затое Жэня пабываў ўжо ў дваццаці штатах.
Вось бы пасля шахты накаціць настоечку на хлебе,
Але ў Шнэкуцісе не тое. Скажы, Глебе?
Скажы, Міша, дачку звазіць бы ў Магілёў,
Мінімальна пакалдырыць ля дняпроўскіх берагоў
Мала хто разлічваў на такія во прыгоды –
Выязджаў на паўгады, а атрымалася на годы,
Ну пашырыш гарызонты, такой бяды –
Выязджаў на пару год, а ад'ехаў назаўжды.
Ну падвучыш мовы, аб’ехааўшы Пангею…
Вы гляньце, пане-каханку Андрэю,
Як мякка ільне да беларусскага нёба
Пшэпрашам, лаб вакар, асалям, мадлоба!
Вось твой саунд-трэк на еўрапейскіх магістралях –
Led Zeppelin – Immigrant Song. Cкажы, Віталя?
Столькі ж бараў, так жа соладка ад дыма,
Але старая Прага не Падол. Cкажы, Дзіма?
Хацела б сцежкай да Дзісны прайсці ляском ад поля,
А як табе бурштын балтыйскі, скажы Воля?
Хацела б на канцэртах у Менску расквітаць як ружа,
А як табе пан-еўрапейскі тур, скажы Ксюша?
Каця, ці прыгожая ў Лондане ляпніна
ў Belarusian Library of Francis Skaryna?
Цікава разглядаць па суботах і нядзелях
Вроцлаўскіх гномаў? А, Эміля? А, Анеля?
З кожным заездам ў Кракаў да Валеры
Я ўсё больш забываюся ўзор мапідаўскай шпалеры.
Хоць айран не кефір, гранола не каша,
Усё лепш чым без суда сядзець. Скажы, Паша?
І вось я тут як вялікая панда
Спяваю мінорную песню эмігранта,
А мог бы спяваць там, дзе лямпачка не гасне,
Бадзёры марш беларускага вязня.
02 Hastroli
Учора я глядзеў як любяць плаваць качаняты,
Потым усю ноч не спаў: што ж такое та, рабяты?
Дробныя і кволыя, мокрыя па вушы
Качаняты не чапляюцца за кавалак сушы,
У бакі далей плывуць ад качкі-мамкі ўпотай –
А мне што, так і сядзець тут дома з сухой жопай?
Я і сам з вусамі гусь, нават з цэлай барадой!
Як пісаў Ашмянскі веснік, “Бардаўскі плэйбой”!
Долі, бемолі, розныя трыёлі –
У мяне ужо ад музыкі на вушах мазолі
(я канешне ведаю, што граматнейша - мазалІ,
Але ж не такія сролі ездзяць на гастролі).
Клічуць на сцэну мяне мае шляхі,
Вось такі ашмянскі Роберд бляха Дзілан ад сахі,
Пакуль пасвІў я кароў прачытаў багата кніжак
І з паўтыка пазнаю, дзе Мацкевіч, а дзе Жыжак.
Ляды, Жалудок, Гурнофель, Буда-кашалёў –
Оксі, выбачай, твой нэймдропінг для лахоў!
Мне літаратура ежа як свіня для копта –
Духоўна каларыйны, музычна лёгкі, ёпта!
Дастаю гітару, дастаю цыліндр -
Мая культура палімпсест, мой герой Фасбіндэр!
Хай навокал боль і страх, цяжка жыць, але ж няхай,
Прывязу найлепшых песень – хоць да сракі прыкладай!
Гэтым разам райдэр просты, можна і без лімузінаў –
Ганарар пяць тысяч еўра ці каструлька цэпелінаў.
Хоць сюрпрызаў і ня будзе, хоць пасюль лалалай,
Еду я адсюль туды, толькі ты мяне чакай.
03 Slimak
Харашо быць дзьмухаўцом у полі,
Свістанула ветрам - вось табе гастролі.
Быць маленькай хмаркай пэўна бы няблага…
Бывай Смаргонь, здароў Парыж, чакай Чыкага!
Навогул гістарычна я вельмі лакальны хрэн,
Эндэмік, што не схільны да жыхарства перамен,
Але цікава дужа што там ёсць за паваротам –
Усё-ткі адзін раз жывем на гэтым свеце, шо там?
А так хацелася б хамут адкінуць і аглоблі,
Ляцець у невядомасць смела бы ў палёце соплі,
Ці мо замест саплі сказаць бы трэба жураўля?
Але ў нейкім сэнсе ўсё на гэтым свеце трошачку сапля.
Мне б аднойчы раннім ранкам нейкім цудам
Прачнуцца недзе у Сахары качавым вярблюдам,
Ці кітом блакітным, што спявае безгалоса,
Махануць выходнымі з Грэнландыі да мора Росса.
Мару і планую як ўсю зямлю аб'еду,
Мякка лёгшы на канапу пасля сытнага абеду,
І пакуль мяне чакае цудаў свету асарці
Мне бы вылезці з-пад коўдры: адзеялка, отпуці
Растаманы хой, слізь пакідаю за спіной!
Харашо быць слімаком – усё сваё важу з сабой.
Ці лепш ператварыцца мне ў чалавека-смоўжа?
Без нічога голым поўзаць – харашэчна, боўжа!
Растаманы ёў, усім прыветы ад грыбоў!
Усё што маю успаміны і даволі шмат сяброў.
Заўтра жа гатовы ехаць хоць да чукчаў, хоць да чэхаў.
Бруханогія па конях! Рукі ў ногі і паехаў!
У прыхожай не магу знайсці красовак -
Я навогул целам не прыстасаваны да вандровак,
Мне дімсамы не заменяць ваўкавыскія пельмені,
Карацей, складанавата пераношу я змяненні.
Мне бы рук яшчэ дзьве штукі, самых простых, не базукі,
Мне яшчэ бы пару ног – а дзе тады на іх браць брукі?
Мне б у пашпарт сто старонак, каб хапіла дольш на візы,
Мне бы хвост як ў гадзіллы каб прасцей цягаць валізы.
Мне тут кажуць, што я трошачку пасунуўся кабінай,
Але я ўсур'ёз гатовы стаць вандроўнаю машынай –
Стаць пассатам б4, на мяжы касіць банкноты,
300 літраў поўны бак – адсмакчыце, аўтаботы!
Раз красовак не знайшоўся, так і быць вазьму сандалі,
Фёдар Конюхаў, падсунься на вандроўным п'едыстале,
Але перш, чым навастрыць свае лыжы за мяжу,
Фатасінтэз запушчу і яшчэ троху паляжу.
Растаманы хой, слізь пакідаю за спіной!
Харашо быць слімаком – усё сваё важу з сабой.
Ці лепш ператварыцца мне ў чалавека-смоўжа?
Без нічога голым поўзаць – харашэчна, боўжа!
Растаманы ёў, усім прыветы ад грыбоў!
Усё што маю успаміны і даволі шмат сяброў.
Заўтра жа гатовы ехаць хоць да чукчаў, хоць да чэхаў.
Бруханогія па конях! Рукі ў ногі і паехаў!
Растаманы хой, слізь пакідаю за спіной
Растаманы ёў, усім прыветы ад грыбоў
04 Hramadzianin
Я грамадзянін Рэспублікі бедаў,
Я грамадзянін Рэспублікі слёзаў,
Мой пашпарт хіба што як корку ад хлеба
Любіць ці ў дзяцінстве, ці ў старасці можна.
Я грамадзянін Рэспублікі болю,
Дзе звыклі цярпець усе наезды і кпіны,
Мае гарады пазасыпалі соллю,
Я ураджэнец транзітнай краіны.
Колькі ліць у кактёйль бензін, як пры стральбе не збіць дыханне,
Больш за тыдзень мне даносіць мая стужка ў інстаграме,
Колькі бежанцаў з усходу запусцілі малдаване,
Калі доўгая сірэна - лепш ляжаць хавацца ў ванне.
І пакуль былы мой сябра шчокі дзьме і дроча ў Сочы
іншы эмігрант з Данецку ў Кіеве не спіць уночы.
За ўсіх, хто у метро спіць на голым чамадане,
Прачытаю перад сном памяркоўнае літанне.
Хто на Кіеў у бэтээры едзе ў ночы –
Хай вернецца ў Растоў, але не вернуцца вочы.
Хай хлопец зауральскі абдыме дома мамку,
А ногі хай пакіне пад Сумамі ў танку.
Хай збіты пад Харкавам ў верталёце,
Калі зможа, то напіша: абгарэў на рабоце.
Хай чорнае мора пяскамі пазасыпе
Астраханскага духа ў самым поўным экіпе
Я грамадзянін Рэспублікі бедаў,
Я грамадзянін Рэспублікі злосці,
Як быццам бы стронцый з чарнобыльскіх вежаў,
Нянавісць асела глыбока ў косці.
І покуль там смерць пагражае з нябёсаў,
Хай топчуць мой пашпарт у брудзе і гноі
З двайным грамадзянствам краіны начосаў
І незалежнай Рэспублікі мроі.
05 Naviny
Онлайнер, чарговы
рэпартаж з Камароўкі.
Ягадна-пладовыя
замалёўкі,
Няма агню, толькі дым,
саду грук вішнёвага.
Навіны ў тым,
што нічога новага.
Жыццё як жыццё,
моўчкі пра вайну,
Колькі дасцё,
столькі й праглыну.
Шырацца пасевы
вусатага гароху,
Зноў ідуць залевы,
а так усё патроху.
Працоўным калектывам –
прэміі бесперабойна.
“Ну куды ты з негатывам?
дай пажыць спакойна!”
Сыплю солі цэзію
штодня у вермішэль –
А што там піша пра рэпрэсіі
Яхіна Гузель?
Праз сраку й на каленцы
зарабіў, што маю,
Я ж, бля, інтэлігенцыя,
кніжкі чытаю.
Ля самага краю
тут не чутна ні гука,
Сам сабе наракаю:
чытай навіны, сука.
Як бы ні стараўся, усё роўна я не здолею
Схавацца ад навінаў у ментальную Манголію.
Да самых найутульнейшых унутраных Маёркаў
Далятаюць хвалі Радыё Тысячы Пагоркаў
Дыхай над картопляй,
люстэрка замест тута,
Кропля за кропляй –
карысная атрута,
Антыбіётыкі з цвілі
здароўе падналадзілі.
Троху зарабілі,
крыху наданацілі.
Дэтокс перад сном,
ніякіх публікацый,
На канапе ў рукі том,
на вокладцы Гарацый,
Там прылёт па вакзалу,
сем дзіцячых трупаў
"Так і трэба салу"?
"Лезлі ў залупу"?
Хочацца спакою?
Як далай-лама?
Без стрэсу, без бою?
Каб усё нармальна, мама?
Як індэец сіу
з дзікім светам быць ў гармоніі?
А Беларусь любіў?
13 год калоніі.
Гумавым берцам
хрыбет папалам.
Што там застаецца
у рэшце рэшт нам?
Легчы ў дамавіну
з телефонам поруч?
Покуль сам не стаў навінай,
чытай навіны, сволач.
Як бы ні стараўся, усё роўна я не здолею
Схавацца ад навінаў у ментальную Манголію.
Да самых найутульнейшых унутраных Маёркаў
Далятаюць хвалі Радыё Тысячы Пагоркаў
06 Cicha nič
То марозам глеба стыне, то цячэ ізноў адліга,
Неба шэрае, а снег брудны з плямамі індыга.
"Гэты быў нялёгкі год", "Гэтым разам год за дзесяць" –
Шчыра кажучы задрала гэта зноўку чуць, аж бесіць!
Па калечнасці жыцця мы абнавілі нарматывы,
Хаця дзе навогул год, што для ўсіх бы быў шчаслівы?
Але трэба ўсё ж прызнаць, гэты год быў як клаака.
Што клаака – проста жопа! Што там жопа – проста срака!
Крок за крокам, дзень за днём мне на плечы цісне стома –
Першы год жыцця здалёку, першы год жыцця не дома,
Год паўнюткі самых розных "першых і апошніх разаў",
Год засохшых парасткаў, год праросшых метастазаў.
“Вецер ў полі закружыў”, так што хоць лабатамія,
Па тэсцікулах ментальна прыляцела – мама мія!
Ладна, гендэрных метафар можна было менш рабіць,
Але што ў каго баліць, той пра тое і нудзіць.
А баліць мне шмат за што, дзе я корч быў і слабак
за кіеўскіх сяброў, якім ў лютым напісаў "ты як",
І цягам году не званіў, быццам правялі мяжу,
Глядзеў толькі, хто ёсць анлайн – быцам што я ім скажу?
Больш баліць за тых, каму не "якнуў" летась нават так,
І мы як соль, што па ўсім свеце з неба раскідаў чумак,
За тых хто з'ехаў за мяжу і шукае новы дом,
І больш не вернецца назад – дзень добры, барев дзэс, шалом.
Баліць за Саню Сідарэнка, з кім у Графіці ліў пот,
У Сані нарадзіўся сын, а Саня сеў на 8 год.
Балюча за лексічную метамарфозу слова "буча" –
Кплівенькі размоўны слэнг, які цяпер гучыць балюча.
Але ёсць яшчэ агенчык, што падаграе планету,
Мой настрой святочным робяць не прагнозы гідрамету.
Як у самай найбанальнай меладраме з Галівуду,
Я сяджу як Джулі Робертс і упарта прагну цуду.
Мая вера ў цуды закалілася ў катлаване
На нянавісці, любові, крыўдзе, болю і каханні.
Хай ўсё дома будзе добра, хай зацягваюцца раны,
Помсты й доўгай памяці аб тых, чыі парвалі планы.
Хай апошнія танцоры танчаць недзе па-над Cожам.
Не загоіцца, дык дай бо мо хаця б прывыкнуць зможам.
Бі, пакуль ёсць сілы біць! Грэй, каб маразы не з’елі!
Хай баліць, пакуль баліцца! Плач, пакуль ёсць слёзы ў целе!
Тиха ніч, свята ніч!
Ясність б'є від зірниць
У свята вельмі просты склад, простыя інгрыдыенты.
гэта дзеці, што ў цяпле распакоўваюць прэзенты,
Свята гэта не баяцца, што пагрукаюць у дзверы,
Каб патэльняй катаваць за бел-чырвоныя шпалеры.
Свята не катраляваць у што абуты ногі,
Каб хутчэй быць ў бомбасховішчы пад гук паветранай трывогі.
За вакном ўсё спакойна, як перад адлігай ціша,
А з левабярэжжа сябра мне галасавуху піша:
Каб Каляды падвасэліць і мяне павіншаваць,
Ён спявае ціха-ціха, бо “відбій та брати сплять”.
Тиха ніч, свята ніч!
Ясність б'є від зірниць.
Дитинонька Пресвята,
Така ясна, мов зоря
07 Satyāgraha (feat. Recha)
Я спытаўся ў рэха: дзе мая пацеха?
Як усё мне паспець? І колькі можна цярпець?
Ўсё, што рэха мне дастала з свайго меха-арсенала
І прынесла ў ціхім лесе, гэта толькі слова "пець".
Усё павернецца, праз нейкі час расслабіць век спружыну,
А пакуль што цуглі рэжуць вусны, шлеі цягнуць спіну.
Хоць на сёння ёсць кілбасы і півасіка фугас,
А як быць далей, Махатма? Як жыць, Махандас?
Сацьяграха
Нехта з гора запівае
Сацьяграха
Нехта за мяжу з’язджае
Сацьяграха
Хтосці эмігруе ў мары
Сацьяграха
Большасць ціха памірае
Хтосьці посціцца за кратамі з суботы да суботы
З чорным хлебам і гарбатай –кампаньёнамі самоты.
Хто сядзяць, усе даседзяць, час цячэ як тая ртуць –
Не даседзяць толькі тыя, хто ўжо не дажывуць.
Хтосьці едзе ад трывогаў прэч – салам, феназепам!
Нарадзіўся я тут, а памру ужо там.
Не трэба мне ў вочы пхаць лісліва сон-траву,
Манетачка перажыла, ну то і я перажыву.
Не будзе ў краме чарла – тады будзем піць аліфу.
Вось такая сацьяграха беларускага разліву.
Адчуваю сябе зайцам у кацінай пераносцы,
Цемнаскуры хлопец гадаваны ў беларускай вёсцы.
Так і едзем па жыцці на кульгавенькай карове,
Што яшчэ нам застаецца тут, паненкі й панове?
Спяваць і цярпець, як бы не рэзала востра?
Трымайся, браце! Белла чау, сёстра!
Сацьяграха
Нехта з гора запівае
Сацьяграха
Нехта за мяжу з’язджае
Сацьяграха
Хтосці эмігруе ў мары
Сацьяграха
Большасць ціха памірае
08 Genatsvale
Недзе высока на Казбекі
Траву скубаюць чэбурэкі
Там, куды не ходзяць мурашы
Жыве кавалачак маёй душы
Там, куда не давязуць трамваі
Кавалак майго сэрданька спяваі
І хоць я рос на драніках ды сале
Але ў душы я горны генацвале,
І раз яшчэ застаўся інтэлект
Я вывучу грузінскі альфабэт
Прадэманстрауем інтэлект
Да вывучым грузінскі алфабэт
Ані, бані, гані, доні
Я пяшчотны як мацоні
Эні, віні, зені, тані
Прылячу ў аераплане
Ini, K’ani, Lazi, mani
кальбатонебі і пані
Беларускі мімімі-на
Прэ да вас на сыр ды віна
Асцярожна, пурытане
Можа быць трошку грашно
Nari, Ini, P’ari, zhani, оооо
Ад гартані
Rai, sani, T’ani, uni
Ў прадчуванні
Я ўжо распускаю слюні
Pari, kani, khani, кварі
Эўра памяняў на ларі
І крыху зусім дабавіў
Сэксу ў рэпертуары
Хоць ты кол на лэбе тры
З асалодай паўтараю
Pari, kani, khani, Q’ari
Shini, Chini - рыхтуйце эндарфіны
Tsali, Dzili - там ўжо налілі!
Ts’ili, Ch’ari
Куды там Страдзівары!
Xani, Jani
Куды там той Шампані!
Па ўсім краі
Хай музыка грае
Выязджаю!
Буська! Hae!
09 Oj zakuj
Ой закуй, закуй, зязюленька, рана
Не кажы мне, што ночанька мала
А я, млода, усю ночку адна не спала
А я, млода, мілога чакала
Па-над маім домам чайкаў сілуэты,
Тут нільскія гусі ходзяць як фацэты
Тут пад маім домам пацукі памерам з хундаў
дынастыю вядуць аж ад самых нібелунгаў.
Над тваім домам ветраў зарубы,
Пад тваім домам крыніцы ды трубы
Склеп, быццам з фільма, што зняў Балабанаў,
З чарговым пакаленнем пост-савецкіх тараканаў.
І ў цябе, і у мяне поўны склеп на свае бздуры,
Я больш пра хінкалі, ну а ты пра хачапуры
Хай жа нільская гусь табе распавядзе ў снах –
Мае чайкі усё яшчэ лунаюць на тваіх вятрах.
Адмаўленне, гандль, дэпрэсія, гнеў –
Я не забыўся на цябе, хоць і час прыняць прыспеў.
Не мянеш свой замок, каб падыйшоў майму ключу?
Ты чакай мяне, чакай, толькі я не прылячу.
Ой закуй, закуй, зязюленька, рана
Не кажы мне, што ночанька мала
А я, млода, усю ночку адна не спала
А я, млода, мілога чакала
Але, а так чуваць? Як жыццё? Памалу.
Мама, уключы адразу камеру з франталу!
Ну здрасце, добры вечар, беларуская мон фрау,
Ну як даўно я не званіў? Ну пазаўчора ж набіраў.
Так паснедаў дома, ага, трапіў пад дождж.
Хоць пытаўся пазаўчора, зноў перапрашу ўсё ж:
Як здароўе дзядзі Стася? Як заўжды ў гуморы?
Як рассада? Ды ты што, абыходзяць памідоры?
Фонам за такою вось няважнаю размоваю
Усведамляю што мой дом не там, дзе я спаць лёг учора.
Дом не пра сцягі, не пра тую чарку-шкварку,
Дом там дзе школьны дзённік з налепкай Лінкін Парку.
На шыротах і даўготах ад Шры-ланкі да Канады
Больш не ведаю дакладна, куды ехаць на Каляды.
З запасам бульбу церучы на клёцкі да абеду,
Ты чакай мяне, мама, толькі я не прыеду.
Ой закуй, закуй, зязюленька, рана
Не кажы мне, што ночанька мала
А я, стара, усю ночку ізноў не спала
А я, стара, сыночка чакала
Як ты без мяне там? Ведаю, што нармалёва.
Прыйдзе новая вясна, парасткі праб'юцца знову.
Як я без цябе тут, мой спрадвечны родны кут?
Так жа пру вазок наперад як аляскін маламут
Мае эндарфіны – пах кропу ды кміны,
Мой лірычны герой без фізічнае краіны.
Шмат што звязвала з радзімай я аддаў пад востры нож.
Не чакай мяне - я не прыеду. Ці усё ж?
Закуй, закуй, зязюленька, рана
Не кажы мне, што ночанька мала
А я, млода, усю ночку зусім не спала
Я ўсю ночку з хлапцамі гуляла
10 Biełarusami
Хто так доўга сядзеў на цвіках
Што заўстаўся без кволай сініцы ў руках?
Хто шукаў папараць-кветкі
І не заўважыў як без сэрца і мазгоў выраслі дзеткі?
Хто чакаў, што шчасце зваліцца з неба
І пра ўсе свае нягоды думаў “можа так яно і трэба”?
Чаму дваццатыя feels like трыццатыя -
Меркурый рэтраградны ці часы дурнаватыя?
Нам хіба што толькі зорачкі лічыць?
Нам бы толькі у залатых кашулях танчыць ў полі карагоды?
Хто адкажа чаму брудныя часы
Выпалі на долю далікатнаму народу?
Хопіць міфалогіі, прэч стэрэатыпы!
Мы ж не коцікі і не службовыя сабакі
Цяжка не маўчаць, мы ж даўно не рыбы —
Памяркоўнымі да верху набіваюць аўтазакі
Будзьма блізка як каралі на нізцы,
Будзьма мы адзін другому добрымі сябрамі.
Хай ніякія шалёныя вятрыскі
Не парвуць тых сувязяў, што узнікаюць паміж намі.
Хай наковал поўна гадаў, тараканаў і гадзюк,
Беларус беларусу ёсць выратавальны круг.
Мы ўсе пары мінусаў пераробім плюсамі,
Будзьма чалавекамі, будзьма беларусамі.
2021-2023